Мяне завуць Саша Пушкіна, і я працую ў «Люстэрку». Сёння дзень, які для мяне — сімвал таго, што некаторыя рэчы нельга знішчыць. Прынамсі, да канца. Сёння дзень нараджэння «Люстэрка», медыя, якое з’явілася ў адказ на знішчэнне TUT.BY. А я — частка гэтага медыя ўжо пяць гадоў. І частка таго легендарнага TUT.BY. Мы ўсё ніяк не можам падрабязна расказаць, як усё ж адбылося гэтае перараджэнне. Думаю, і сёння ўсе пазлы не складуцца. Бо я — толькі адзін чалавек, а нас шмат: тых, хто стаў ахвярамі ці героямі, а можа, проста бурлакамі, якія цягнуць гэты карабель далей. Але я паспрабую расказаць вам, як асабіста ў мяне адбывалася ўсведамленне таго, чым мы ў «Люстэрку» займаемся і навошта гэта ўсё трэба.
Нейкі час таму я была чалавекам, які горда прымераў на сябе пазіцыю PR-менеджара беларускага партала TUT.BY. Адбылося гэта ў 2019 годзе. Я адразу ж атрымала два маштабныя праекты — арганізацыю канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» і камунікацыю па ўступленні ў ПВТ. Так-так, тое самае ўступленне, якое потым легла ў аснову крымінальнай справы пра падаткі. Сем гадоў прайшло. Я памятаю, як хвалявалася перад размовай з гендырэктаркай Людмілай Чэкінай. А яна яшчэ і не ў асобным кабінеце сядзела, а ў тым жа опэнспэйсе, што і я. Але неяк усё наладзілася хутка, і два гады, досыць складаных, з COVID-19 і прэзідэнцкімі выбарамі, мы пражывалі разам, падтрымліваючы адно аднаго ўсёй камандай.
Я працавала шмат, часта затрымлівалася вечарамі, падчас пратэстаў валанцёрыла кіроўцам для рэдакцыі. З’явілася стома, і я вырашыла з’ездзіць у першы адпачынак за два гады. Што магло адбыцца? Праз пару дзён раніцай мяне разбудзіў званок калегі, які зрабіў маё вяртанне дадому малаімаверным. Я не вельмі разумела, як рэагаваць на навіну, што ў рэдакцыі самага вялікага медыя ідзе ператрус, шмат хто з калег затрыманы. Першая рэакцыя — ехаць, нешта рабіць, нечым дапамагаць. Ну як мінімум з перадачамі ў СІЗА. Але ўсё ўжо выйшла на іншы ўзровень, чакалі не «суткі», а гады.
Праз бесклапотнасць у спантанны адпачынак я з’ехала з заплечнікам і без нейкага запасу грошай — наперадзе мусіла быць зарплата (спойлер: рахункі кампаніі былі заблакаваныя раней). З іншага боку, а хто едзе ў адпачынак са стратэгічным запасам дакументаў і адзеннем на чатыры сезоны? Шок. Дадому нельга, дапамагчы нікому нельга. Ды і зразумець бы, як сваё жыццё цяпер будаваць. Вельмі шмат розных пачуццяў адразу, але пераважалі адказнасць і віна. Такі кактэйль правакаваў заняцца адзіна зразумелай справай — працай. З сабой у мяне быў планшэт, за акном мяняліся гарады і краіны. Я рабіла прэс-рэлізы, лендынгі, давала інтэрв'ю і адказвала на пытанні, не ведаючы адказаў. А што б вы адказалі на самае папулярнае пытанне: «Што далей будзе з TUT.BY?»
І недзе ў гэты момант пачало з’яўляцца «Люстэрка».
Сайт TUT.BY быў недаступны. Аднак доступы да сацсетак засталіся ў часткі каманды, якая выехала. І ў зваротку мы атрымлівалі пастаяннае «Калі вы падымеце люстэрка?». Самая забаўная частка гэтага пытання — «вы». Хто — вы? Хто мы? Хто цяпер галоўны? Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў СІЗА. ЮА год як не з намі, разгром здарыўся акурат на наступны дзень пасля гадавіны яго смерці.
Хацелася адказваць, што мы не можам, няма дарослых, нікога няма дома! Прыняцце адказнасці яшчэ даспявала. Мы спрабавалі пераарганізавацца, перагрупавацца. Нехта выехаў, нехта яшчэ быў у Беларусі. Пятнаццаць чалавек затрымалі. Але трэба падняць люстэрка. Бо прасілі чытачы. І ўсё гэта на фоне жудаснага страху. Бо якія наступствы ў гэтага будуць — незразумела. Для ўсіх — для чытачоў, для нас, для тых, хто ўжо ў закладніках. Я памятала словы калегі, якая тады ўжо была ў зняволенні, што калі (яны) нас разграмяць, мы будзем пісаць ад свайго імені, блогі завядзём і што нас проста так не заткнуць. Але супраць лому няма прыёму. Выбар заставаўся не такі разнастайны — ніякага медыя або новае медыя на аскепках старога з той часткай каманды, якая выехала і гатовая ўпісацца ў спробу рабіць незалежную журналістыку ў выгнанні.
Усё, што адбывалася, нагадвала нейкую нясмешную камедыю.
Тут я пачну расказваць пра свае пачуцці і назіранні. Гэта дазволіць вам крыху лепш зразумець, як цяпер рабіць журналістыку ў выгнанні.
Восьмага ліпеня 2021 года мы запусцілі «Люстэрка». Гэта ўжо не быў TUT.BY. Гэта было нешта новае. Сайт вокамгненна, літаральна праз пару гадзін заблакавалі ў Беларусі. Але радасць усё ж прысутнічала: мы нешта змаглі зрабіць і дамовіцца пра нешта. З’явіліся нейкія мы. І, магчыма, Людміла, Марына і астатнія даведаліся, што мы не кінулі справу, якую будавалі так доўга. Праўда, заўсёды быў сумнеў, што яны наогул хацелі, каб мы нешта працягвалі. І гэты разрыў — ён быў самы страшны. Калі б нашыя дзеянні датычылі толькі нас саміх, то ўсё было б не такім складаным.
Але ўсё ж рашэнне кіравацца тым, што калі ўжо нешта вырашыў, то зрабі ласку, прытрымлівайся абранага шляху, дапамагала не звар’яцець ад сумневаў. Дык вось, радасць ад таго, што мы нарэшце нешта запусцілі, вельмі моцна змешвалася з астатнімі пачуццямі. Я фізічна адчувала, што пасля гэтага дадому не вярнуся, што я сама забіваю цвікі ў дзверы гэтага дома. Бачыла, як пасля інтэрв'ю з маім імем сябры ў Telegram чысцяць гісторыі перапісак. Нехта пісаў «прабач», а нехта моўчкі выдаляў. Але тады я, ды і многія іншыя, часта параўноўвалі нейкія непрыемнасці з магчымасцю трапіць за краты, таму ўсё гэта не здавалася вельмі страшным. Проста кожны насіў свой боль і свае страхі ўнутры, кожны вечар закалыхваючы іх гісторыяй пра тое, што мы робім усё, каб хутчэй вярнуцца.
«Люстэрка» жыло, паступова аднаўляючы аўдыторыю, раздзелы. Каманда вучылася працаваць у новых умовах. Цэнтрам нашага жыцця стаў Кіеў. Утульная коўдра для разбітых сэрцаў, якія страцілі дом.
24 лютага 2022 года пачалася вайна. Так выйшла, што ўсе ўжо ведалі, што браць, калі часу мала. І ўсё ж гэтая вайна ў нашым жыцці першая. Маральнага выбару не было. Мы ведалі, на якім мы баку і гэтым разам. На самай справе, калі прайшоў гэты шлях, з адназначнасцю ўсё вельмі проста. І ўсё ж складанасцяў для беларусаў ва Украіне пасля пачатку вайны шмат. Каманда зноў змяніла прапіску. Мы рабілі ўсё, каб нашыя ўнутраныя перажыванні змаглі знайсці адлюстраванне толькі ў журналісцкай творчасці, але ні ў якай меры не ў якасці нашай працы. Мы перамяшчаліся дарогамі, якія абстрэльвалі, не спалі начамі, спрабавалі вывезці дзяцей, катоў, сабак і пры гэтым захаваць гісторыю гэтых страшных дзён. Другая рэлакацыя была яшчэ страшнейшай, але месцамі больш арганізаванай.
Зноў перасабраліся, выдыхнулі і працягнулі. Праца ўсё яшчэ была адзіным зразумелым у жыцці. Мы можам даведвацца факты, расказваць іх вам. Задаваць усім нязручныя пытанні і дзяліцца з тымі з вас, хто ў Беларусі, і з ужо шматлікай дыяспарай. Мы можам кагосьці падтрымаць — гэта можа быць дабрачынны збор або рэклама маленькага новага бізнесу такога ж эмігранта, як мы. А можа, гэта каштоўныя першыя ўспаміны чалавека, якога вызвалілі. І ўсё ж мы часам задаёмся пытаннем, ці патрэбныя мы яшчэ.
Першы адказ я атрымала, прыехаўшы прадставіць «Люстэрка» ў Капенгаген 8 жніўня 2021 года. Білеты мне аплаціла мясцовая беларуская дыяспара, жыла ў сяброўкі з універсітэта. Я расказвала нашую гісторыю, а пажылы мужчына плакаў і дзякаваў, што мы не здаёмся. Я ішла ў дом да Юлі і спрабавала зразумець — гэта мы не здаёмся ці проста не змаглі спыніцца, будучы на вялікім разгоне і пад шалёнай дозай адрэналіну? Можа, мы хутка выдыхнемся, страцім сувязь? Неяк само сабой усё так склалася, што я пачала ездзіць на розныя канферэнцыі і сустрэчы. Былая роля PR-менеджаркі TUT.BY трансфармавалася ў ролю прадстаўніцы «Люстэрка». Я не вельмі люблю публічнасць, яна заўсёды нясе наступствы. У маім выпадку адно з іх — шмат эмоцый, сваіх, чужых. У першыя гады даводзілася абмяркоўваць вельмі страшныя гісторыі і заглыбляцца ў сваю.
На канферэнцыі Міжнароднага інстытута прэсы, дзе «Люстэрка» намінавалі на Free Media Pioneer, на адной сцэне сабраліся прадстаўнікі медыя ў выгнанні. Справа ад мяне сядзеў галоўны рэдактар медыя «Мізіма» з М’янмы. Вы калі-небудзь мераліся сінякамі або ранамі ў дзяцінстве, у каго большыя і страшнейшыя? Мы ўсе прайгралі б гэтаму хлопцу. Мерацца болем адначасова немагчыма і пры гэтым чамусьці стала неабходным на маім прафесійным шляху. Праз сваю гісторыю мы пачалі даказваць, што важна захоўваць голас беларусаў. Да мяне самой доўга даходзіла, што я мушу тлумачыць і, магчыма, нават канкураваць за ўвагу.
Мой першы сур’ёзны выступ адбыўся ў Брусэлі перад міністрамі замежных справаў краін ЕС і спадаром Жазэпам Барэлем, на той момант вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і намеснікам кіраўніка Еўракамісіі. Увечары ў нядзелю. Менавіта тады ў іх усіх знайшоўся час на дэлегацыю з Беларусі. Скажу шчыра, я не ўяўляла, што ад мяне хочуць пачуць і на якой мове. Таму, закінуўшы сваю прамову ў перакладчык, я паспрабавала прачытаць усё з тэлефона. Атрымалася не так упэўнена, але фінальную фразу мне ўспамінаюць дагэтуль. Я сказала, што мы сваю працу зрабілі ў Беларусі годна, дык няхай цяпер еўрачыноўнікі зробяць сваю. Капрызы перакладу. Тады спадар Барэль сказаў мне, што мы мусім працягваць сваю добрую працу. Заканчваць рана. І з гэтым я прачынаюся амаль кожную раніцу. Можа, ужо час скончыць? Думаю, як і мае калегі па цэху. Але кожны раз, калі атрымліваецца нешта змяніць, нават самае малюсенькае, верыцца, што ёсць яшчэ шанец як мінімум на тое, што мы робім неганебную працу.
У нейкі момант на канферэнцыях перасталі казаць «былы TUT.BY» і пачалі проста называць «Люстэрка». У той момант я пачала адчуваць, што мы нібыта асірацелі. На той час стала ўжо звыкла прымаць рашэнні — пра грошы, дакументы, арэнду, куплю тэхнікі і г. д. Але ўсё ж гэтае крыло магутнай тутбаеўскай савы мне было патрэбнае.
Але вось ужо «Люстэрка» бярэ інтэрв'ю ў першых асобаў, заключае рэкламныя кантракты, я без паперкі кажу сваю прамову, а з турмы выйшлі тыя, дзеля каго мы вырашылі працаваць далей. Але не ўсе. І таму ў каманды ёсць прычыны трымацца нават тады, калі хочацца засумнявацца ў нашай неабходнасці.
Кожны раз, калі нехта з вас піша нам словы падзякі за працу — гэта значыць для нас вельмі шмат. Кожны з нашых журналістаў хацеў бы пісаць сваё імя пад тэкстам і атрымліваць водгукі, любыя. Хацелі б паехаць у Хойнікі на месца падзення дрона і расказаць адтуль, што адбылося, а не шукаць вельмі складаных спосабаў гэта зрабіць. Хацелі б рабіць свежыя фота на вуліцах Брэста, Мінска, Магілёва, Баранавічаў, а не выкарыстоўваць архіў.
Мы робім усё магчымае, каб не адарвацца ад вас. Спадзяёмся, у нас атрымліваецца.
Ведаеце, у нейкі момант ты ўжо не памятаеш, як выглядае кухня ў тваім доме, твой нумар тэлефона +375 аддадзены некаму іншаму, але ты дакладна ведаеш цэны на Камароўцы, курс даляра і еўра, хто прыехаў выступаць, каго затрымалі, дзе ўпаў дрон.
Я веру, што большасці беларусаў важна быць пачутымі, важна адчуваць, што яны не адны. Несправядлівасць не павінная сядзець у шафе. Факты павінныя быць агучаныя. І «Люстэрка» — менавіта тое медыя, якое спраўляецца з гэтай задачай. Кожны месяц мільёны людзей у Беларусі чытаюць і глядзяць нас. Мы ўсё яшчэ побач, нават калі самі часам у гэтым сумняваемся.
Імяніннік сёння адзначае свае пяць гадоў. І было б выдатна, калі б тыя, хто можа падтрымаць працу каманды, зрабілі гэта. Данаты чытачоў у цяперашняй сітуацыі — вельмі каштоўны падарунак! Але павіншуйце данатам толькі калі для вас гэта бяспечна.
З днём нараджэння, «Люстэрка»!







