Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, а таксама Янку Брыля. Герой гэтага тэксту — Алесь Разанаў.

1. Абараняў беларускую мову, і супраціў улад яго не спыніў

Алеся Разанава можна назваць літаратурным вундэркіндам. Ураджэнец вёскі Сялец, што ў Бярозаўскім раёне (1947), ён пачаў пісаць вершы вельмі рана і ўжо з шостага класа актыўна друкаваўся ў раённай газеце і часопісе для падлеткаў «Бярозка». У дзявятым класе трапіў на семінар айчынных маладых літаратараў (звычайна туды бралі маладых выпускнікоў ВНУ, часам — студэнтаў). У дзясятым класе трапіў з вялікай нізкай сваіх вершаў у газету «Літаратура і мастацтва», галоўнае профільнае выданне рэспублікі, і быў ухвальна адзначаны крытыкамі. Уступнае сачыненне на філфак БДУ Алесь напісаў вершаванай мовай, і пазней тэкст апублікавалі ва ўніверсітэцкай газеце.

Разанаў вучыўся выдатна і прытым паспяваў пасля вучобы працаваць ліцейшчыкам на сталічным радыятарным заводзе. Але пад канец навучання, у 1968 годзе, раптоўна стаў у вачах улад «антысаветчыкам» і «буржуазным нацыяналістам». Ва ўмовах татальнай русіфікацыі Разанаў — разам з аднакурснікамі Львом Барташам і Віктарам Ярацам — стаў адным з ініцыятараў ліста ў абарону беларускай мовы. Усяго за паўдня некалькі сотняў студэнтаў падпісаліся пад патрабаваннем, каб усе прадметы на беларускім аддзяленні філфака БДУ выкладаліся па-беларуску. Хутка пра гэтую ініцыятыву паведаміла на сваіх хвалях «Радыё Свабода» (цяпер яго б назвалі «экстрэмісцкім СМІ»).

Алесь Разанаў. Фота: livelib.ru
Алесь Разанаў. Фота: livelib.ru

У тым жа месяцы Разанаў — не першы раз — наведаў у Зэльве апальную паэтку Ларысу Геніюш, якая прайшла ГУЛАГ і жыла, не прымаючы савецкага грамадзянства. Геніюш зразумела ўзровень таленту Алеся яшчэ за пару гадоў да таго, калі ў яго было надрукавана ўсяго чатыры «дарослыя» вершы. «Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная», — пісала яна тады ў адным з лістоў.

Звароту ў абарону беларускай мовы і візіту да Геніюш Разанаву не даравалі. Зімой 1969-га яго і Яраца адлічылі з БДУ, заваліўшы іх на іспыце па ваеннай падрыхтоўцы (трэці з сяброў, Барташ, здаў яго нейкім цудам). Але ўмяшаўся паэт Максім Танк, тады старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Дзякуючы яму сябрам дазволілі скончыць вучобу ў абласных педінстытутах: Ярац давучыўся ў Гомелі, а Разанаў — у Брэсце. Цікава, што цяпер на сайце філфака БДУ ў раздзеле «Выбітныя выпускнікі» сцісла пазначана, што Разанаў вучыўся там тры гады, але чаму так мала, не ўдакладняецца.

«Высылка» не пашкодзіла яго працаздольнасці, і ўжо ў год выпуску, у 1970-м, у паэта з’явілася першая кніга пад назвай «Адраджэнне».

Алесь Разанаў. Фота: ay.by
Алесь Разанаў. Фота: ay.by

Тады ж 22-гадовы Разанаў трапляе настаўнікам у Камянецкі раён. Менавіта там ён сустрэне сваю будучую жонку Галіну. Яна была на некалькі гадоў маладзейшая і год паспела пабыць яго вучаніцай перад тым, як Алесь з’ехаў. Але пазней малады чалавек стаў зноў наведвацца ў вёску, і завязаліся адносіны, якія прывялі да шлюбу на ўсё жыццё.

Закончыўшы адпрацоўку, Разанаў паспрабаваў паступіць у аспірантуру — але яго не ўзялі, нягледзячы на цудоўна здадзеныя іспыты. Далей была служба ў арміі на расійскім Валдаі. А пасля — вяртанне ў Мінск, прыём у Саюз пісьменнікаў, праца ў газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура» і іншых месцах: іх давялося змяніць нямала, і ўсё праз тое, што ў вачах дзяржавы паэт заставаўся «нядобранадзейным».

Аднак праблемы з уладамі не прымусілі Разанава адмовіцца ад сваіх каштоўнасцей. У савецкія часы ён разам з будучым палітыкам Зянонам Пазняком, мастацтвазнаўцам Міхасём Раманюком, археолагам Міхасём Чарняўскім, мастакамі Яўгенам Куліком (у будучым адным з аўтараў эталону «Пагоні» як дзяржаўнага герба краіны), Алесем Марачкіным і некаторымі іншымі ўваходзіў у групу «На паддашку» — вузкае кола нацыянальнай інтэлігенцыі, якое абмяркоўвала сітуацыю ў краіне ў часы застою і рэпрэсій.

2. Быў надзвычайным наватарам у паэзіі

Ужо «Адраджэнне», першы зборнік вершаў Разанава, выклікаў станоўчыя водгукі. Крытык Іван Ралько адзначаў, што прыкметай індывідуальнага стылю паэта стаў своеасаблівы рытм і інтанацыя. У пачатак радка часта выносіліся словы, на якія падала найбольшая сэнсавая нагрузка ва ўсім вершы. «Сіла націску ў гэтых словах намнога вышэй, чым у суседніх, а калі не вышэй, то сэнсавая значнасць іх, як правіла, падкрэсліваецца рытмічнай паўзай. Цікава, што і ў пачатак радка выносяцца пераважна дзеясловы», — удакладняў Ралько. Пазней Разанаў увогуле амаль перастаў, канстатавала літаратуразнаўца Ганна Кісліцына, карыстацца традыцыйным прынцыпам вершаскладання — сілаба-танічным вершам (дзе націскныя і ненаціскныя склады чаргуюцца ў строгім парадку).

В первом ряду слева направо: литераторы Светлана Алексиевич, Карлос Шерман, Алесь Рязанов. Фото: sherman.penbelarus.org
У першым шэрагу злева направа: літаратары Святлана Алексіевич, Карлас Шэрман, Алесь Разанаў. Фота: sherman.penbelarus.org

Вось адзін з прыкладаў ранняй творчасці паэта, апублікаваны ў яго другім зборніку «Назаўжды» (1974):

Хай над табой

агнямі Прэсні

палаюць ягады рабін.

Паўстань,

распніся,

уваскрэсні

і немагчымае зрабі.

Класічным стаў верш Разанава «Радзіма…», абсалютна нетыповы для раскрыцця такой тэмы (звычайна ў ёй пераважае пафас і высокі стыль).

Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем не скрануся.
Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.

Высвечвала бяздонным дном,
ў акно ўзіралася з'інела,
і ведзьмавала туманом,
і летам бабіным звінела.

Калі будзіла весялосць?!
А прахаплюся — ты ўсё будзіш.
і мне няўцям, адкуль ты ёсць,
адкуль пасля з’яўляцца будзеш.

Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.

У свет балючы дабяла,
у снежны свет, мае усходы
ідуць: там ты… там ты была!..
Ты ўся наводдалі заўсёды.

Ужо ў другім сваім зборніку Разанаў увёў у беларускую паэзію новую форму — пункцір: невялікую (ад трох да сямі радкоў) паэтычную мініяцюру, у аснове якой адна думка, назіранне, вобраз. Гэта лірычныя замалёўкі, якія не апісваюць дэталі, а пазначаюць абрысы вобраза, пакідаючы прастору для роздуму. Пункціры паэт ствараў і ў далейшым.

Азірнуўся —

нехта бяжыць па маіх слядах:

сухое лісце.

Цягнецца з коміна дым

па-над снежным бязмежжам:

адна сцяжына — і тая ў неба.

Пакінуты дом. Зазірае ў акно

галінка зялёнай вішні:

няўжо нікога…

Зімовыя прыцемкі:

снег настае,

растае наваколле.

І гэта была толькі першая з новых форм, створаных Разанавым. Далей з’явіўся версэт — невялікі твор, паэтычны па змесце і празаічны па форме, без вершаванага рытму, метра і рыфмы. Гэта філасофскія вершы-прытчы, блізкія да афарыстычных разваг, у іх — глыбокі філасофскі роздум, скіраваны на сутнасць рэчаў, таямніцы жыцця, часу і чалавечага лёсу.

Мы жывём у свеце, дзе вечар змяняецца раніцай, вясна —

восенню, жыццё смерцю,

дзе час рухаецца ў адзін бок,

дзе адзіная адвечна ўстойлівая апора — гэта страчванне яе:

вырай.

У большасці выпадкаў версэты заканчваюцца сказам-вынікам. «[Яго], аднак, цяжка назваць падагульняючым. Ён хутчэй ключ, арыенцір далейшых суразваг, бо сістэма версэта адкрытая і не прадугледжвае пэўнай маральнай высновы», — адзначала Ганна Кісліцына.

Алесь Разанаў. Фота: svaboda.org
Алесь Разанаў. Фота: svaboda.org

Асабліва адметны наватвор Разанава — вершаказ. У ім аўтар «расшчапляе» словы на склады, гукі, літары і г. д., падбіраючы да іх і ўтвараючы на іх аснове іншыя словы, блізкія па гучанні і значэнні, і такім чынам нібы пранікае ў спрадвечную сутнасць слова.

«Гліна — „мгліна“: яна спіць у імглістай глыбіні і сніць свае запаветныя „маглівасці“.
Для каменя гліна — адліга, для вады „лыга“, але чаго нельга зрабіць з каменю ці з вады, льга з гліны» (фрагмент вершаказу).

Яшчэ адна новая форма — квантэмы. Назва — ад фізічнага тэрміна «квант», гэта найдрабнейшая адзінка энергіі, і квантэма — нібы гэткі згустак энергіі. Гэта філасофскія мініяцюры, якія складаюцца з некалькіх, звычайна трох-чатырох «квантаў», маленькіх кавалачкаў, кожны з якіх мае свой сэнс, а чытач гэтыя асобныя сэнсы звязвае ў цэлае.

руіны запарушваюцца
рунь
уваскрашае руны
неба блізка

Яшчэ адзін прыклад разанаўскага наватвору — зном, паэтычная мініяцюра ў празаічнай форме. Гэта спалучэнне верша і афарызму, дзе вельмі сцісла і пры гэтым вобразна раскрываецца сутнасць з’явы, выказваецца глыбокая думка.

«На пачатку свайго пазнавальнага (і такім чынам — самапазнавальнага) шляху думка не ведае, што яна ведае, у сярэдзіне ведае, што яна ведае, і ў канцы ведае, што яна не ведае. Дзякуючы гэтаму няведанню чалавек вызваляецца ад ношкі свайго набытку — ці, больш дакладна, сам становіцца „набыткам“ — здольны выходзіць да небакраю з’яў».

«Мова — гэта дом, у якім мы жывём, а калі яна пашыраецца і ўзбагачаецца, мы жывём у свеце».

Пісьменнік і экс-міністр інфармацыі Анатоль Бутэвіч называў Разанава «сённяшнім Максімам Багдановічам», бо той некалі ўвёў паэтычныя формы, якіх не было ў беларускай паэзіі: «Тое ж самае зрабіў Разанаў, увёўшы ў беларускую паэзію пункціры, версэты, квантэмы. Для мяне асабіста — гэта насычэнне слова зместам, калі ў адным слове — палова раману [Івана] Чыгрынава ці [Барыса] Сачанкі. Разанаў у трох-чатырох словах выказвае цэлы абсяг!»

3. Ствараў легендарны беларускі часопіс

З усіх месцаў, дзе давялося працаваць Алесю Разанаву, найбольш значным для яго стаў часопіс «Крыніца». Гэтае выданне пачыналася яшчэ за савецкім часам адразу ў дзвюх версіях: па-беларуску («Крыніца») і па-руску («Родник»). Давёўшы наклад другой версіі да 500 тысяч, галоўны рэдактар Уладзімір Някляеў у 1994-м змяніў канцэпцыю, стварыўшы замест масавага выдання элітарнае, з акцэнтам менавіта на літаратуру. Супрацоўнікамі «Крыніцы», якая цяпер выходзіла толькі на беларускай, сталі Разанаў, філосаф Валянцін Акудовіч і празаік Уладзімір Арлоў, пазней да іх далучыліся паэты Леанід Галубовіч і Леанід Дранько-Майсюк, празаік Юрый Станкевіч.

Крытык Ціхан Чарнякевіч адзначаў, што «Крыніца» вытрымлівала класічную структуру тоўстага часопіса тых часоў: некалькі падборак вершаў, цэнтральны твор нумара (паэма, аповесць), крытыка і публіцыстыка, перакладныя публікацыі, але пабудова і рубрыкацыя часопіса была наватарскай. Прыдумалі яе Разанаў і Акудовіч.

Рэдакцыя часопіса «Крыніца». Са свечкамі стаяць (злева направа): Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў. Фота апублікаванае ў кнізе Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» (Смаленск, 2018)
Рэдакцыя часопіса «Крыніца». Са свечкамі стаяць (злева направа): Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў. Фота апублікаванае ў кнізе Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» (Смаленск, 2018)

Апошні згадваў у мемуарах, як узнікла ідэя:

«Усё болей чулася бездапаможнай моўчы і ўсё меней жывых слоў. І тут нехта, здаецца Алесь Разанаў (бо геній), сказаў:

— Я.

— Ты, — падхапіў я.

— Мы, — працягнуў ён.

І далей навыперадкі: Ён, Яны, Яно, Наш… Відавочна, тут трэба хоць трохі патлумачыць. Рубрыка „Я“ прэзентавала буйную, пераважна мысліўную, фігуру з айчыннага кантэксту (скажам, Кірылу Тураўскага). Пад „Мы“ былі мы, гэта значыць тэксты тых, хто рабіў часопіс. Замежныя літаратары і філосафы апыналіся ў рубрыцы „Яны“. „Наш“ — беларускія літаратары замежжа. Аднак самай актуальнай сталася рубрыка „Ты“. Сюды патрапляў адметны сучасны літаратар з сваімі тэкстамі. Акрамя таго, з ім рабілася разгорнутая гутарка і ў дадатак шэраг эсэ розных аўтараў, напісаных паводле ягонай творчасці і падзейнага жыцця».

Акудовіч у мемуарах сцісла сфармуляваў і сутнасць канцэпцыі новай «Крыніцы»: «Каб на нашых старонках натуральным чынам злучыць беларускую літаратуру з сусветнай (найперш з еўрапейскай) у агульны дыскурс — і наадварот».

"Танцы" Владимира Некляева (справа) с Алесем Рязановым в редакции журнала "Крыніца". Фото опубликовано в книге Сергея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» (Смоленск, 2018)
«Танцы» Уладзіміра Някляева (справа) з Алесем Разанавым у часопісе «Крыніца». Фота апублікаванае ў кнізе Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» (Смаленск, 2018)

Па словах Чарнякевіча, часопіс «фільтраваў і актуалізаваў» найлепшае ў беларускай літаратуры за ўсе часы. «Аздобленыя стараннымі біяграфічнымі росшукамі і бліскучай поліфанічнай крытыкай класікі літаратуры стваралі адзіны ланцуг традыцыі. З калатнечы і хаосу стагоддзяў з’яўлялася жывая і бесперапынная гісторыя літаратуры», — адзначаў ён. У дадатак «Крыніца» знаёміла з перакладамі на беларускую замежнай літаратуры: гэта была і сусветная класіка, і новыя творы (напрыклад Патрыка Зюскінда, Умбэрта Эка, Станіслава Лема). «„Крыніца“ сфарміравала цэлае пакаленне беларускіх інтэлектуалаў», — канстатаваў Чарнякевіч.

Гісторыя часопіса скончылася трагічна. У 1999-м Уладзімір Някляеў выступіў супраць курса Аляксандра Лукашэнкі на інтэграцыю з Расіяй. У часопіс адна за адной пайшлі праверкі. Улады выставілі галоўнага рэдактара карупцыянерам і адмовіліся фінансаваць выданне. Калектыў раскалоўся. Большасць падначаленых падтрымала не Някляева (відаць, паверыўшы ў абвінавачанні супраць яго), а Разанава, які на кароткі час стаў галоўрэдам. Урэшце Уладзімір Някляеў з’ехаў за мяжу. Аднак кандыдатуру Разанава не зацвердзілі ўлады, і хутка часопіс спыніў сваё існаванне. Пасля гэтага ў двух вялікіх паэтаў адносіны засталіся халаднаватымі на ўсё жыццё.

4. Адзіны з айчынных класікаў плённа пісаў на іншых мовах

Пасля працы ў «Крыніцы» Разанаў таксама з’ехаў за мяжу і чатыры гады жыў на творчых стыпендыях у Германіі і Аўстрыі, толькі зрэдчас заязджаючы ў Мінск. Сімвалічна, што якраз у нулявыя на аналагічных стыпендыях знаходзіліся Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч, якія ў роднай краіне не толькі не мелі дзяржаўнай падтрымкі, каб можна было жыць і працягваць творчасць, а сталі, асабліва Быкаў, для ўлад «варожымі элементамі», — таму і даводзілася жыць за мяжой.

Гэты час цікавы тым, што дзякуючы яму Разанаў — першым з айчынных класікаў, у сталым узросце — стаў ствараць паэзію на замежнай мове.

Алесь Разанаў. 2014 год. Фота: Alena Kazlova, Belarusian literature in pics, dekoder.org
Алесь Разанаў. 2014 год. Фота: Alena Kazlova, Belarusian literature in pics, dekoder.org

Так, Якуб Колас пісаў па-руску, Янка Купала — па-польску, але тое былі іх першыя юнацкія творы, калі пазнейшыя класікі толькі прымерваліся да будучага шляху, ды і мовы ўсё ж не былі зусім чужыя ім, а знаёмыя з дзяцінства. На дзвюх мовах пісаў Алесь Адамовіч: літаратуразнаўчыя працы па-беларуску, а прозу па-руску, і тое было выключэннем з агульнай практыкі. Акрамя таго, у творчасці Сакрата Яновіча і Кастуся Акулы былі творы, напісаныя, адпаведна, па-польску і па-англійску, але пасля таго, як гэтыя творцы дзесяцігоддзямі жылі ў адпаведным моўным асяроддзі. У Разанава ж было зусім іначай — відавочна, ён меў талент глыбінна адчуваць не толькі беларускую, але і іншыя мовы, таму змог хутка авалодаць дзвюма замежнымі так дасканала, каб ствараць на іх сваю паэзію.

Першай была літоўская мова. Разанаў вывучыў яе яшчэ ў 1970-х, калі на паўгода прыехаў у Літву разам з групай перакладчыкаў, якія рыхтавалі для Беларусі двухтомную анталогію літоўскай паэзіі. Пасля гэтага ён нямала перакладаў на беларускую паэзію і прозу суседняй краіны. А ўжо ў ХXI стагоддзі ён нечакана стаў пісаць па-літоўску свае пункціры. Яны друкаваліся ў мясцовых выданнях, а пасля выйшлі асобным зборнікам.

«Чытаючы гэтую кнігу, немагчыма западозрыць, што пункціры напісаны не нашым суайчыннікам, не тутэйшым: так адмыслова Разанаў валодае літоўскай мовай, адчувае яе нюансы, яе асаблівасці, семантычныя пласты, зачароўвае гульнёю слоў. Тут не ўблытаешся ў гушчар метафар, не натрапіш на пустапарожняе красамоўства, але знойдзеш тое, што не аднойчы бачыла і што на гэты раз само зірне на цябе», — адзначала Бірутэ Ёнушкайтэ, старшыня Саюза пісьменнікаў Літвы.

«У кожнай мовы свая рэчаіснасць, фонасемантыка літоўскай мовы адкрывала абсягі, якія не краналіся ні беларускай мовай, ні нямецкай, з якой я таксама меў справу», — тлумачыў свой інтарэс Разанаў.

Нават не ведаючы літоўскай, можна ўбачыць, як па-майстэрску паэт уплятаецца ў гукавую канву мовы: «Ar dar? / Ar gana? — / Dargana / Gano pievą» (Ці яшчэ? Ці годзе? — Непагадзь пасвіць луг).

Кніга Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Фота: bookstore.lohvinau.by
Кніга Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Фота: bookstore.lohvinau.by

У Германіі ж Алесь пажыў даволі працяглы час і ў выніку выпусціў на нямецкай мове чатыры ўласныя кнігі. Ён прызнаваўся, што не спаборнічае з мясцовымі паэтамі — тое бессэнсоўна, — а таму прапанаваў сваю гульню. «Я пачаў маляваць нямецкімі словамі. Дзеля гэтага прыдумаў новы жанр, які назваў worddychte», — адзначаў ён (з нямецкай словы word і dychte перакладаецца як «шчыльнасць слоў»). У 2020-я нямецкі акцёр Жан-Марк Біркхольц, муж актрысы колішняга Купалаўскага тэатра Валянціны Гарцуевай, напісаў паводле гэтых твораў музычны альбом.

Пакуль што ні адзін іншы айчынны паэт не здолеў так плённа пісаць на мовах замежжа.

5. Стаў бацькам сучаснай беларускай паэзіі

Алесь Разанаў адышоў у іншы свет адносна нядаўна — у жніўні 2021-га, ва ўзросце 73 гадоў. Яшчэ пры жыцці яго называлі класікам і нават геніем. «Паверце мне, у Разанава геніяльнае вуха. Разанаў чуе слова ў яго яшчэ вільготнай, трапяткой прааснове: можа быць, у вушных ракавінах Разанава (як у марскіх — мора) увесь час шуміць, пераліваючыся, магма тых першагукаў, з якіх потым і ўзнікаюць словы», — пісаў Валянцін Акудовіч. Ён жа адзначаў надзвычайнае наватарства літаратара: «На Беларусі заўсёды было багата паэтаў, якія пісалі выдатныя вершы. Але мы маем толькі некалькі выключэнняў, калі паэт ствараў уласную паэтыку. Адно з такіх рэдкіх выключэнняў — Алесь Разанаў».

Па словах даследчыцы Ганны Кісліцынай, Разанаў першым у беларускай літаратуры — яшчэ ў зборніку «Шлях-360» (1981) — зрабіў спробу комплексна адказаць на пытанні, якія «раней знаходзіліся цалкам у кампетэнцыі філасофіі: кім ёсць чалавек, навошта ён прыйшоў у гэты свет і ці ёсць свет іншы, што ёсць жыццё і смерць, у чым сутнасць быцця.

«Здаецца, ён увогуле ад усіх чалавекаў быў як бы адслонены небам. Мяно Небажыхар яму пасавала абсалютна. (Праўда, прамаўлялі яго па-рознаму: хто з экстазам, а хто здзекліва), — дадаваў Акудовіч і так параўноўваў розную філасофію творчасці Някляева і Разанава: — Аднолькава таленавітыя. Проста ў іх розныя мэтавыя аўдыторыі. Разанаў — паэт для багоў, Някляеў — для жывых людзей».

Цытата з вершам Алеся Разанава. Фота: 1pr.live
Цытата з вершам Алеся Разанава. Фота: 1pr.live

Праверыць гэтае афарыстычнае меркаванне вы можаце самі, набыўшы 600-старонкавы том выбраных твораў (яго ўклалі Ганна Кісліцына з удавой класіка Галінай Разанавай, таксама філолагам). Але важна, што Разанаў не застаўся паэтам у сабе і для сябе, дзіваком-эксперыментатарам. Класікам яго зрабіла тое, што яго творчасць моцна паўплывала на беларускую паэзію, задала для яе новы шлях, новую традыцыю, якая стала арыенцірам для пазнейшых айчынных паэтаў.

Яшчэ пры жыцці Разанава, у 2018-м, яго зборнік «Перавыбранае» назвалі лепшай кнігай паэзіі папярэдняга года і ўганаравалі прэміяй імя Наталлі Арсенневай. «Калі б не Алесь Сцяпанавіч у ХХ стагоддзі, паловы імёнаў, кніг і вершаў у нашым сёлетнім спісе фіналістаў прэміі Арсенневай — 2018 не з’явілася б па тэхнічных прычынах», — пракаментавала вынікі паэтка і літаратуразнаўца Марыя Мартысевіч.

Таму ў сцверджанні, што Разанаў — бацька сучаснай беларускай паэзіі, няма ніякага перабольшвання. «Я — шлях, і я той, хто па яму пойдзе», — сімвалічна казаў ён.

І калі ў вас стварылася ўражанне, што яго творчасць толькі для эстэтаў, адкіньце яго. Паэзія Разанава, пры ўсім наватарстве, — асалода, даступная кожнаму, дзякуючы надзвычайнай здольнасці аўтара знаходзіць трапныя, геніяльныя ў сваёй празрыстасці і лаканічнасці фармулёўкі для сваіх думак. Вось знакаміты верш Разанава з яго першага зборніка «Адраджэнне»:

Калі ўсе згублены ключы,

калі ні шанца,

анічога —

усё ж ідзі,

любі,

крычы

і пасягай на перамогу.

Гэтыя радкі ў цяперашніх няпростых, часам катастрафічных варунках, у якіх апынуліся беларусы, успрымаюцца нашай уласнай, ёміста выказанай праграмай для дзеянняў.